:

Адказ прэс-службы МЗС Беларусі на пытанне МIА «Расія сёння» аб пашырэнні санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі

27.03.2023 г.

МIА «Расія сёння»: як вы можаце пракаментаваць прынятае ў канцы мінулага тыдня рашэнне ЗША аб пашырэнні санкцый у дачыненні да Беларусі, якія закранаюць і два найбуйнейшыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы – «МАЗ» і «БелАЗ»?

Адказ: Па вялікім рахунку, такое рашэнне амерыканскіх уладаў не стала нечаканасцю для беларускага боку. Складана чакаць чагосьці іншага ад краіны, якая па інэрцыі пазіцыянуе сябе вяршыцелем лёсаў сусвету, працягвае верыць ва ўласную выключнасць, беспамылковасць і беспакаранасць.

Паказальна іншае. Увядзенне санкцый супраць паспяховых грамадзянскіх прадпрыемстваў Беларусі – канцэнтраванае выказванне крывадушнасці адміністрацыі ЗША, прадстаўнікі якой пры кожным зручным выпадку любяць заяўляць пра «падтрымку» беларускага народа. Не лiчу, што тысячы простых працаўнікоў нашых заводаў-флагманаў марылі аб такой замежнай дапамозе і падтрымцы ў выглядзе абсалютна незаконных і беспадстаўных санкцый.

У той жа час мы перакананыя, што калектывы «МАЗа» і «БелАЗа», якія ўжо маюць значны досвед працы ва ўмовах санкцыйнага ціску, паспяхова справяцца з любымі новымі выклікамі.

Як паказвае рэальнае жыццё, любыя спробы эканамічна ізаляваць і задушыць нашу краіну першапачаткова асуджаныя на правал. Рэспубліка Беларусь была, ёсць і будзе суверэннай дзяржавай, якая праводзіць незалежную знешнюю палітыку. І ніякія санкцыі, абмежаванні і пагрозы не прымусяць нас сысці з вызначанага курсу і дзейнічаць насуперак нашым нацыянальным інтарэсам.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці