Доўгатэрміновая віза
доўгатэрміновая віза (тып D) тэрмінам дзеяння да 1 года з правам знаходжання да 90 дзён, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь:
дзелавыя стасункі – на падставе наступных дакументаў:
- арыгінала хадайніцтва юрыдычнай асобы аб выдачы доўгатэрміновай візы;
- дакументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць шматразовых паездак на працягу заяўленага тэрміна, напрыклад, копіі дагавора (кантракта, пагаднення аб супрацоўніцтве) паміж юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь і іншаземцам або іншаземнай арганізацыяй, у якой ён працуе, які пацвярджае наяўнасць устойлівых дзелавых узаемаадносін бакоў, або дакументаў юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь (у тым ліку ўстаноўчых), якія пацвярджаюць, што іншаземец з’яўляецца заснавальнікам камерцыйнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь або супрацоўнікам замежнай арганізацыі, якая заснавала камерцыйную арганізацыю ў Рэспубліцы Беларусь, завераных пячаткай юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь або пячаткай замежнай арганізацыі, якая заключыла дагавор (кантракт, пагадненне аб супрацоўніцтве) з юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь, або копіі, зверанай консульскай службовай асобай з арыгіналам.
- пры неабходнасці, па рашэнні консульскай службовай асобы, – іншых дакументаў, якія пацвярджаюць інфармацыю, выкладзеную ў хадайніцтве.
Доўгатэрміновая ўязная віза можа афармляцца на падставе хадайніцтва прадстаўніцтва замежнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь заснавальнікам, кіраўнікам і супрацоўнікам замежнай арганізацыі, якая адкрыла дадзенае прадстаўніцтва, у мэтах ажыццяўлення дзейнасці, непасрэдна звязанай з работай прадстаўніцтва.
удзел у спартыўных (культурных) мерапрыемствах – на падставе наступных дакументаў:
- арыгінала хадайніцтва юрыдычнай асобы аб выдачы доўгатэрміновай візы;
- дакументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць шматразовых паездак на працягу заяўленага тэрміна, напрыклад, копіі дагавора (кантракта, пагаднення аб супрацоўніцтве) паміж юрыдычнай асобай Рэспублікі Беларусь і іншаземцам або замежнай арганізацыяй, у якой ён працуе, які пацвярджае наяўнасць устойлівых доўгатэрміновых узаемаадносін бакоў, або графіка спартыўных мерапрыемстваў;
- пры неабходнасці, па рашэнні консульскай службовай асобы, – іншых дакументаў, якія пацвярджаюць інфармацыю, выкладзеную ў хадайніцтве;
па прыватных справах – на падставе арыгінала аднаго з наступных дакументаў:
- запрашэння, аформленага падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў;
- дакумента, які пацвярджае наяўнасць жылога памяшкання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, – для афармлення ўязной візы ўласніку жылога памяшкання і членам яго сям’і;
- дагавора платнага аказання медыцынскіх паслуг, заключанага з арганізацыяй аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, які пацвярджае неабходнасць лячэння на працягу заяўленага тэрміна, у тым ліку атрыманага па факсімільнай сувязі або па іншых каналах сувязі, – для афармлення ўязной візы асобе, якая патрабуе медыцынскай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь, і пры неабходнасці суправадждаючай яе асобе;
наведванне месц пахавання – на падставе даведкі аб месцы пахавання блізкіх сваякоў або мужа/жонкі іншаземца – для афармлення ўязной візы іншаземцу, у якога на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пахаваны блізкі сваяк або муж/жонка, а таксама блізкім сваякам, мужу/жонцы гэткага іншаземца;
падтрымка рэлігійных сувязей – арыгінал хадайніцтва рэлігійнага аб’яднання, узгодненага з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей;
рэалізацыя гуманітарных праграм, у тым ліку прадастаўленне замежнай бязвыплатнай дапамогі, арганізацыя аздараўлення дзяцей, правядзенне работ на бязвыплатнай аснове – на падставе арыгінала хадайніцтва Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або іншых упаўнаважаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь дзяржаўных органаў;
ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці – прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі замежных дзяржаў, стала акрэдытаваных пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама членам іх сем’яў;
праца – грамадзянам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана, Андоры, Аргенціны, Аўстраліі, Аўстрыі, Бахрэйна, Балгарыі, Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, САР КНР Ганконг, Германіі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Катара, Карэі, Кіпра, Кувейта, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, САР КНР Макао, Манака, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Сан-Марына, Саўдаўскай Аравіі, Славакіі, Славеніі, Уругвая, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чылі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі і Японіі на падставе арыгінала хадайніцтва юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь або прадстаўніцтва замежнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь і аднаго з наступных дакументаў:
- заверанай натарыўсам Рэспублікі Беларусь копіі спецыяльнага дазволу на права працоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь замежнаму грамадзяніну або асобе без грамадзянства, выдадзенага падраздзяленнем па грамадзянстве і міграцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама або ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама;
- паведамлення падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі аб выдачы іншаземцу спецыяльнага дазволу на права працоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, якое паступіла ў замежную ўстанову.
У выпадку калі іншаземцу на працягу апошніх 3 гадоў выдавалася доўгатэрміновая ўязная віза ў мэтах падтрымання дзелавых сувязей альбо рэалізацыі гуманітарных праграм, яму можа быць выдадзена доўгатэрміновая ўязная віза тэрмінам дзеяння да 2 гадоў з правам знаходжання да 90 сутак у каляндарным годзе з дня першага ўезду ў Рэспубліку Беларусь.
У выпадку калі іншаземцу на працягу апошніх 3 гадоў выдавалася доўгатэрміновая ўязная віза тэрмінам дзеяння больш за адзін год у мэтах падтрымання дзелавых сувязей альбо рэалізацыі гуманітарных праграм, яму можа быць выдадзена доўгатэрміновая ўязная віза тэрмінам дзеяння да 3 гадоў з правам знаходжання да 90 сутак у каляндарным годзе з дня першага ўезду ў Рэспубліку Беларусь.