Заява Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з закрыццём Латвіяй мяжы з Беларуссю
04.08.2026 г.Спасылкі на “тэхнічны збой” на латвійскім пункце пропуску “Патэрніекі” выглядаюць адкрыта непераканаўча, асабліва на фоне прызнанняў саміх кіроўцаў аб тым, што ім раілі разварочвацца ў мэтах выканання пісьмовага ўказання Міністра ўнутраных спраў Латвіі спадара Дамбравы.
Відавочна, што за ўяўнай паломкай крыецца чарговае звяно ў ланцугу інструменталізацыі тэмы мяжы. Той факт, што рашэнне аб фактычным закрыцці ў тэрміновым парадку прымаў асабіста кіраўнік МУС Яніс Дамбрава – лідэр адной з палітычных сіл – не пакідае сумневу ў перадвыбарнай прыродзе гэтага цынічнага кроку напярэдадні прызначаных на 3 кастрычніка выбараў у Сейм Латвіі.
У гэтай жа логіцы знаходзяцца і нядаўнія заклікі таго ж Міністра да латвійскіх грамадзян адмовіцца ад паездак у Беларусь. І гэта на фоне істотнай цікавасці латышоў да паездак у нашу краіну.
Больш за ўсё ўражвае тое, што ў пагоні за палітычнымі баламі ў Рызе ў чарговы раз забыліся на людзей. Ніхто не знайшоў час загадзя паведаміць грамадзянам, што зрабіла іх разменнай манетай у палітычнай гульні. Сітуацыя зеркальна капіруе бесцырымонную практыку літоўскіх уладаў узору канца 2025 года, калі мяжа таксама закрывалася без папярэджання праз надуманую падставу. Акрамя таго, падобныя безадказныя дзеянні наносяць адчувальныя страты міжнароднаму гандлю, падрываючы транзітныя маршруты паміж Еўрапейскім саюзам і Кітаем, а таксама краінамі Сярэдняй Азіі, і б’юць па эканамічных інтарэсах самой Латвіі.
У сувязі з гэтым не было б дарэмна, каб латвійскія кампетэнтныя органя правялi ўласнае расследаванне і высветлілi, дзе сапраўды адбыўся збой – у інфармацыйных сістэмах або ў палітычнай ангажаванасці іх кіраўніцтва. Характэрна, што на мяжы з Расіяй “тэхнічныя праблемы” чамусьці адсутнічаюць і рух працягваецца.
Мы расцэньваем тое, што адбылося, як чарговае зневажанне тых самых “еўрапейскіх каштоўнасцяў”, пра якія так любяць размаўляць у балтыйскіх дзяржавах. Свабода перамяшчэння грамадзян зноў была груба прынесена ў ахвяру імгненнай унутрыпалітычнай кан’юнктуры. Зрэшты, нават калі непаладкі ў сістэмах сапраўды мелі месца, наўрад ці дзеля такога ўзроўню тэхналагічнай устойлівасці Латвія ў свой час уступала ў ЕС.
У сувязі з гэтым недружалюбным крокам беларускі бок пакідае за сабой права распачаць дзеянні ў адказ у дачыненні да Латвіі, у тым ліку несіметрычнага характару, для абароны нацыянальных інтарэсаў і грамадзян Беларусі. Уся паўната адказнасці за наступствы падобных рашэнняў кладзецца на афіцыйную Рыгу.